![]() | |
![]() | |
![]() | |
© 2004-2005 A&K. (p) 2006 ОДО Вестрекордс-плюс (на тэрыторыі Беларусі). Прадусаванне - A&K. Запіс зроблены ў студыях Генадзя Сыракваша, Андрэя Плясанава (8). Міx і майстaрынг - Генадзь Сыракваш. Фота - JamStudio. Вокладка - фрагмент рэпрадукцыi карціны мастака Сяргея Лагачова. Дызайн - Wiecier Mechaniczny.
Рана на Івана ... 1 Калядачкі, нашы нежачкі ... 2 А дзе была вуціца? ... 3 Святы Вечор ... 4 Юр'я ... 5 Ду-Ду Да-Да ... 6 Па-за аблокамі ... 7 Kalino-Malino ... 8 Stairs of Separation ... 9 The Money & The Mountains ... 10 Eden Bound ... 11 Shiver & Shake ... 12 bonus: Юр'я (Дзяніс Варанцоў remix) ... 13 My Galileo (DJ Lexа remix) ... 14 Пара Дамоў (Дзяніс Варанцоў remix) ... 15 Antilope ... 16 + відэа і фота |
Штуршком для назову альбому сталася карціна мастака Сяргея Лагачова "Аўтаномная навігацыя".
На карціне адлюстраваная стракатая рыба,
атачоная мноствам стрэлак, вектароў па якіх яна можна рухацца ў розных, адной ёй вядомых, накірунках. Менавіта фрагмэнт гэтае карціны й быў пакладзены ў аснову
візуальнага аздабленьня дыска дызайнэрам Ветрам Мэханічным.-A&K: Мы правялі паралелі паміж гэтай рыбкаю й тым працэсам, які зараз рухае нашую творчаьсьць. У музыцы сваёй мы не шукаем легкіх шляхоў. А натхненьнем жывімся ў аўтэнтычнай спадчыне нашых продкаў. Таму, тое што мы робім, хутчэй можна аднесьці да мастацтва, а не да поп-музыкі. Запрашаем усіх у Аўтаномнае Плаваньне ў сьвет нашае творчасьці! Музыка новага дыска - яскравая, аптымістычная, жыцьцясьцьвярджальная. Ейны стыль можна ахарактарызаваць як этна-фьюжн - этна музыка 21 стагоддзя. Альбом на 99 адсоткаў складаецца з мажорных песьняў. Дыск можа прэтэндаваць на ўнікальнасьць, паколькі ў яго ўвайшлі песьні на 4-х мовах. Значная частка праграмы - гэта сучасныя апрацоўкі беларускіх песьняў, якія прыйшлі да нас з глыбіні вякоў. Таксама дыск уключае ў сябе шэраг англамоўных песьняў, якія ўжо загучалі на некаторых эўрапейскіх радыёстанцыях. Акрамя таго ў альбоме ёсьць польская народная песьня Kalino-Malino ў нашай апрацоўцы, песьня Antilope на літоўскай мове й ейны англамоўны варыянт Shiver & Shake. Менавіта гэтая песьня прынесла нам перамогу на міжнародным конкурсе Palangos Gaida ў жніўні 2005. -A&K: Галоўнае месца ў нашай творчасьці, як і раней, займае апрацоўка беларускага песеннага фальклёру. Але таксама нам вельмі цікава выконываць музыку на розных мовах, дасьледваць і адчуваць мэлёдыку кожнае зь іх. А за часам замежных гастроляў, разам зь беларускімі песьнямі у нас заўжды заведзена выконваць песьні на мове той краіны, дзе мы выступаем. Альбом складаецца з 16-ці кампазыцыяў. Зь іх 3 рэмікса на песьні "Юр'я", "Пара дамоў" і "My Galileo" . Акром аўдыа трэкаў дыск аздоблены мультымэдыяй. На шляху да прагляду відэа вас сустрэнуць ужо знаёмыя па вокладцы дыска, аўтаномна плаваючыя рыбкі... У дыск уключаныя 2 кліпа на песьні Stairs of Separation ды калядную "Сьвяты Вечор". Тут таксама можна паглядзець фотаздымкі з апошняе нашае сэсыі на JamStudio.
Ня толькі арыгінальны вакал Аляксандры можна пачуць у песьнях новага дыска. Вельмі цікава на наш погляд загучалі партыі на акарынах, губных гармоніках й блёк-флейце ў яе выкананьні. Аляксандра
таксама грала на гэткіх незвычайных інтрумэнтах, як хмара (імітатар дажджу) і размаітых па вялічыні й строю званочках, пра кожны зь якіх можна было б паведаць даўгую гісторыю.Канстанцін жа, акрамя традыцыйных для сябе гітарных партыяў (на запісу гучаць 4 гітары з калекцыі музычных інструмэнтаў Косьці й гітара з калекцыі Андрэя Плясанава), граў на рускай народнай домры й сазе, сяміструнным інструмэнце, прывезеным са Стамбула. Па меры музычнага й творчага разьвіцьця дуэта, іх гучаньне з вычарпальна камэрнага пераўтвараецца ў шматграннае й яскравае палатно. Новыя песьні набылі цікавае об'ёмістае аркестровае гучаньне. -A&K: Пад час працы над новым дыскам, у нас паўставала мноства музычных ідэяў. У галовах увесь час узьнікалі розныя мэлядычныя фразы. Нашыя музычныя думкі ужо складана было выкласьці толькі аднымі голасам і гітараю. Таму мы запрасілі папрацаваць з намі разам некаторых выдатных музыкаў.
Альбом насычаны экзатычнымі гукамі пэркусійных інструмэнтаў дарбука й даф. У абрадавай, амаль шаманскай песьні "Юр'я" і ў каляднай "Калядачкi нашы нежачкi"
на іх адыграў іранскі музыка Масуд Талібані. Свае нестандартныя думкі ў песьнях "Рана на Івана" і "А дзе была вуціца" прапанаваў Ігар Бранкоўскі, былы клявішнік "Беларускіх песьняроў". Гітарыст Віктар Маўчанаў віртуёзна выканаў тэмы на педал-стыл гітары - адмысловым інструмэнце, што карыстаюць зазвычай у кантры-музыцы, і барытон гітары ў песьні "Сьвяты вечор". І гэтыя тэмы надалі песьні насамрэч магічнае гучаньне. Цудоўны бас-гітарыст Аляксандар Каліноўскі выканаў партыі на басу. Кампутарнае праграмаваньне, запіс, зьвядзеньне й мастэрынг ажыцьцяўляў Генадзь Сыракваш. -A&K: Мы шчыра дзякуем людзям, якія дапамагалі нам у стварэньні новага дыска "Аўтаномная Навігацыя" . Асаблівая падзяка - Ветру Мэханічнаму, Юрыю Будзько, Сяргею Маеўскаму, Сяргею Лагачову, Жане Лявонавай. << вярнуцца на галоўную |