Аляксандра і Канстанцін
Вялікі посьпех у Малой залі
вялікі сольны канцэрт дуэта "Аляксандра і Канстанцін"
26 траўня
Мінск. Палац Рэспублікі, малая заля

26 траўня ў малой залі Палаца Рэспублікі дуэт "Аляксандра і Канстанцін" прэзэнтаваў сваю новую канцэртовую праграму "Stairs Of Separation". У канцэрце прагучалі практычна ўсе ўпадабаныя слухачамі кампазыціі "А&К": "Пчолка", "Явар", "My Galileo", а таксама самыя новыя песьні, сярод якіх гіт "Stairs Of Separation", які й даў назоў усёй праграме.

А&К Гэта першы буйны выступ "A&K" у Менску. На канцэрце прысутнічала каля 300 чалавек. Натуральна, рэкорд, пастаўлены "А&К" пад час выступу на фэсьце "Зоркі Эўравізіі ў Львове" (Украіна) ў 2004 годзе перад аўдыторыяй у 40 тысячаў гледачоў, утрымаўся, але па настрою й зьместу, гэты менскі канцэрт быў, бадай што, адным з самых лепшых канцэртаў дуэта.

На ўваходзе ў залю гасьцей сустракаў самы сапраўдны гусар (актор Міхаіл Мілаванаў, які граў у кліпе на песьню "My Galileo"). Ён ды яшчэ некалькі сяброў дуэта пагадзіліся дапамагчы ў арганізацыі канцэрту. Сам выступ "А&К" прайшоў у нязмуснай атмасфэры, быў вельмі эмацыйным і прынёс шмат станоўчых эмоцыяў слухачам і музыкам. Заля падпявала музыкам пад час выкананьня самых гітовых кампазыцыяў. Удзячныя гледачы дарылі Аляксандры кветкі.

У праграме прымаў удзел шоў-балет "Nitsa", зь якімі "А&К" у супрацы ўжо блізу году. Дзяўчаты выканалі энэргічны танец пад рэмікс на песьню "Юр'я". Нажаль, з тэхнічных прычынаў не адбылася прэм'ера кельцкага танца на песьню "Ду-ду, да-да". Аднак "А&К" абяцаюць па хуткім часе адзьняць кліп на гэтую кампазыцыю зь непасрэдным удзелам "Nitsa".

А&К Выступ складаўся з 2-х частак. Спачатку музыкі адыгралі беларускамоўныя гіты, а ў другой палове, пры візуальным удзеле шоў-балета, прагучалі англамоўныя нумары. Пакуль Аляксандра Кірсанава мяняла сцэнічны строй, рыхтуючыся да нумара з шоў-балетам, Канстанцін Драпеза з астатнімі музыкамі адыйгралі дзьве інструмэнтальныя кампазыцыі "Салярыс" і "Кантры бугі", прысьвяціўшы іх сваім бацькам.

На канцэрце прагучалі дзьве прэм'еры. Адной зь іх была новая кампазыцыя "Рана на Iвана", зробленая ў лаціна-амэрыканскім стылі, дзякуючы чаму Аляксандра прадставіла яе як "Рана на Хуана". Дугой стала новая англамоўная песьня "Money & The Mountains", з нагоды якой Канстанцін пажартаваў, назваўшы яе "Грошы й Гора".

Гучаньне "А&К" робіцца ўсё больш насычаным і цікавым. У канцэрце прынялі ўдзел вядомыя беларускія музыкі: Аляксандр Каліноўскі (бас), Кірыл Шэванда (бубуны), Карэн Карапецян (скрыпка) і Ігар Бранкоўскі (клявішныя). Канстанцін Драпеза выконваў свае партыі як на звыклай электа-акустычнай, гэтак і на асобных акустычнай і электрычнай гітарах. Аляксандра Кірсанава дадавала ў агульнае гучаньня сваю яскарку, выконваючы сола на акарыне, блёк-флейце й губным гармоніку, а таксаса ствараючы атмасфэру пры дапамозе "рэйнмэйкера".

Гэтым часам дуэт рыхтуецца да выступу на фэстывалі беларускай паэзіі й песьні "Маладзечна 2005". Таксама ў плянах здымкі відэакліпа на песьню "Юр'я", а ўвесь астатні час "А&К" будуць працягваць працу над сваім новым альбомам, які мае выйсьці пры канцы году.

Паводле westrecords.by

Мы дзякуем усім, хто дапамагаў нам ў падрыхтоўцы ды правядзеніі канцэрту: Ветру Мэханічнаму і Тузіну Гітоў, МузТВ у Беларусі і Пятру Пятровічу Станкевічу, Сяргею Маеўскаму, Дзянісу Дудзінскаму, Генадзю Сыраквашу, Аўтарадыё, радыё Мінская Вална, Валянціне Бандарэнцы і радыё Мір, Юрыю Будзько і часопісу РіО, Міхаілу Мілаванаву а таксама журналістам, якія былі і ёсьць з намі.
   Вашыя A&К